Таццяна ЛАЎРЫК
Людзі прыходзяць на гэты свет і сыходзяць, пакідаючы пасля сябе святло, якое асвятляе шлях наступным пакаленням. Чым больш зрабіў чалавек, тым ярчэйшае святло ягонай зоркі. Такой зоркай увайшоў у беларускую літаратуру Леанід Дайнека (1940–2019) – паэт, празаік, перакладчык, лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І. Мележа (1988) за раман «Меч князя Вячкі», Дзяржаўнай прэміі БССР (1990) за творы літаратуры і мастацтва для дзяцей – гістарычныя раманы «Меч князя Вячкі» і «След ваўкалака». У 2010 г. ён атрымаў прэмію імя Валянціна Пікуля з уручэннем залатога медаля за цыкл гістарычных раманаў, у 2015 г. – медаль «500-годдзе Аршанскай бітвы».
Леанід Марцінавіч Дайнека нарадзіўся 28 студзеня 1940 года ў вёсцы Змітраўка 2-я Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Пасля заканчэння школы ў 1956 г. працаваў на будоўлях Калінінграда і Свярдлоўскай вобласці. Скончыўшы тэхнічнае вучылішча ў Ніжнім Тагіле (1959), Л. Дайнека ўладкаваўся на працу на металургічны камбінат. У пачатку 1960-х гг. ён вярнуўся ў Беларусь і паступіў на аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля вучобы працаваў старшым рэдактарам на Віцебскай студыі тэлебачання, пераехаўшы ў Мінск – на Беларускім тэлебачанні, пазней – адказным сакратаром часопіса «Маладосць», загадчыкам рэдакцыі паэзіі выдавецтва «Мастацкая літаратура». Быў сябрам Саюза пісьменнікаў СССР і Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Дзве музы паланілі сэрца пісьменніка – муза паэзіі Талія і муза гісторыі Кліо. Леанід Дайнека пачаў свой творчы шлях з лірыкі, сярод ранніх публікацый побач з вершамі былі таксама апавяданні і нарысы. Першы верш апублікаваў у 1961 г. (газета Уральскай ваеннай акругі «Красный боец»). Выдаў паэтычныя зборнікі «Галасы» (1969), «Бераг чакання» (1972), «Начныя тэлеграмы» (1974), «Мая вясна саракавая» (1979), «Вечнае імгненне» (1985), «Сняжынкі над агнём: вершы і паэмы» (1989).
Для пісьменніка на гэтым этапе творчасці вельмі важна было вызначыць уласнае месца ў літаратуры:
Але цяпер яго паэзія загучала ў музычным альбоме «Ветразі, альбо Адзінота пяшчотнага слова» (2020) у выкананні Таццяны Дайнека. Толькі родны чалавек можа адчуць усю глыбіню пачуццяў паэта. Песні на вершы Л. Дайнекі ў найбольшай ступені перадаюць прыгажосць паэзіі пісьменніка. У далёкія 80-я гады Галіна Каржанеўская напісала рэцэнзію на зборнік Л. Дайнекі «Вечнае імгненне» з гучнай назвай «Спяваць на поўны голас», цяпер жа паэзія пісьменніка «заспявала на поўны голас» у музычным альбоме, які сабраў лепшыя паэтычныя творы аўтара.
Многія вершы паэта пакладзены на музыку, першая песня на яго словы напісана кампазітарам Юрыем Сямянякам. У 1974 г. у нотным зборніку «Табе маё прызванне» (1974) была размешчана песня «Вечаровы роздум» на словы верша «Табе складаю песню ля кастра…», загучала гэта песня наноў у выкананні Таццяны Дайнека, а ў 2017 г. Нацыянальная бібліятэка Беларусі атрымала рукапісны экзэмляр з запісам песні кампазітара Алега Чыркуна на словы Леаніда Дайнекі «Гэй, Беларусь: ёсць на стале закуска».
У паэта тэматычна багатая паэзія, яна прасякнута моцнай любоўю да роднай зямлі і яе прыроды, вёскі, шмат пейзажнай лірыкі. Менавіта ад бацькоў у пісьменніка склалася ўзнёслае стаўленне да прыгажосці айчыннай прыроды.
У вершы «Восень» і песні на гэты верш у лірычных радках акрэслены стан душэўнага парывання, знітаванасць з прыродай, вельмі выразна метафары перадаюць не толькі стан прыроды – надыход восені, але і ўнутраныя пачуцці самога лірычнага героя:
Лес аблысеў, а быў кашлаты.
Маўклівы дождж лугі дзяўбе.
…
У рэчкі твар ад сцюжы сіні.
Здранцвела песня чаратоў.
Кожны радок верша «Табе складаю песню ля кастра…» адлюстроўвае багацце фарбаў, любоў паэта да роднага краю. У музычным выкананні спявачкі падкрэсліваюцца мастацкія сродкі стварэння твора, якія робяць верш яшчэ больш прывабным:
Сустракаюцца вершы з філасофскай праблематыкай, якія ўзнімаюць важныя праблемы сэнсу жыцця чалавека. Мы задумваемся, для чаго жывём, што мы можам зрабіць на гэтай зямлі, якую карысць прынесці. Напрыклад, у вершы «А ёсць вышыні невысокія…» перададзена разважанне паэта над важнасцю і значнасцю кожнага дня ў жыцці чалавека:
Верш, пакладзены на музыку ў выкананні Таццяны Дайнекі, узмацняе глыбіню праблемы, узнятай у ім. Гэта дазваляе пераасэнсаваць твор, які можа ўспрымацца кожным чалавекам па-рознаму.
Ніл Гілевіч пісаў: «Паэтычныя адносіны да жыцця і свету ў Леаніда Дайнекі вызначаны тым, што яны зыходзяць з высокамаральных духоўных пачаткаў, з глыбінь сацыяльнага і эстэтычнага вопыту народа – творцы ўсяго прыгожага на зямлі. У гэтым сэнсе ідэйна-эмацыянальная накіраванасць яго паэзіі, яго ключавая пазіцыя вельмі прывабная. У гэтым жа і вытокі чалавечай абаяльнасці яго лепшых вершаў». Напрыклад, у вершы «Ёсць на зямлі прыкмета»:
Калі б аўтар спыніўся толькі на паэтычным выкладзе гэтага народнага павер’я, то верш быў бы проста прыгожым і мілагучным, адлюстроўваў нацыянальныя традыцыі. Але паэт ідзе далей пераказу і падводзіць чытача да лагічнага пытання, гучыць жывы імпульс, які перадаецца і ўзрушвае чытача:
Чалавечая жорсткасць, вытокі яе, якія прасочваюцца праз стагоддзі, цікавіла пісьменніка і ў раманах.
«…Яе (жорсткасць – Т. Л.) перавялі на прамысловую аснову. Сумачкі з чалавечай скуры, грабянцы з чалавечых касцей, валасы для канатаў, попел для палей», – сцвярджае аўтар у рамане «Футбол на замініраваным полі».
«Жорсткі быў век. Жорсткі і крывавы. Людзей дзясяткамі і сотнямі спальвалі ў велізарных драўляных клетках… <…> «Пакінем ім толькі вочы, каб аплакваць свае няшчасці!» – такі надпіс загадаў выбіць на скале для сваіх ворагаў дахрысціянскі цар Навухаданосар. У хрысціянскі век не пакідалі і вачэй», – так напісаў Леанід Дайнека ў рамане «Меч князя Вячкі», праводзячы пэўныя паралелі, каб зразумець, як развіццё цывілізацыі робіць людзей яшчэ больш жорсткімі.
Гістарычная тэма стала галоўнай ў творчасці пісьменніка. У вершы «Галасы» са свайго першага зборніка (1969) Л. Дайнека апавядае пра гісторыю, якую нясуць старажытныя камяні:
На словы верша Леаніда Дайнекі «Камяні» напісана песня бардам Кастусём Герашчанкам, гучала яна і на вечары «Неба не дасць памерці..», прысвечаным 80-годдзю з дня нараджэння Леаніда Дайнекі ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. У назве гэтай вечарыны – сімвалічныя словы, якія адрасаваны ўсім, хто хоча пакінуць пасля сябе след на гэтай зямлі.
У зборніку «Вечнае імгненне» паэт прысвяціў гістарычнай тэме нізку вершаў – «Постаці гісторыі айчыннай», якая прысвечана такім асобам як князь Вячка, Лышчынскі, Грынявіцкі, Чарвякоў. Гісторыя і ў вершах «Спартак», «Грунвальдская бітва» і іншых. У паэме «Песня белага снегу», якая распавядае пра даўнія часы, аўтар згадвае пра воінаў, якіх называлі дайнекамі – гэта воіны-пехацінцы, што ваявалі ў складзе казацка-сялянскіх атрадаў на Украіне і Беларусі у XVI–XVII cт. Такім чынам аўтар тлумачыў паходжанне свайго прозвішча.
Сувязь з мінуўшчынай, повязь вякоў перадаюць песні на вершы Л. Дайнекі «Наваградак» і «Заслаўскі вальс», музыка і вершы ў апошнім – самога пісьменніка. Невялікі верш «Наваградак» у музычным гучанні ператвараецца ў напоўнены міфічным сэнсам аповед пра замак Міндоўга, дзе прыродным з’явам надаецца сімвалічнае значэнне:
Верш Леаніда Марцінавіча «Любіце мову», які выкарыстоўваецца на розных школьных мерапрыемствах, можна паставіць у адзін рад з ужо вядомымі творамі пра мову Максіма Танка «Родная мова», Уладзіміра Дубоўкі «Родная мова, цудоўная мова», Рыгора Барадуліна «Беларускае слова», Еўдакіі Лось «Не чакайце, што буду хваліцца...», Алеся Бачылы «Матчына мова», Ларысы Геніюш «Мова мая», Анатоля Грачанікава «Мова», Наталлі Арсенневай «Роднай мове». Выдатна прагучаў верш у музычным выкананні Таццяны Дайнека.
Большасць песень з альбома «Ветразі, альбо Адзінота пяшчотнага слова» напісана на вершы, якія змяшчае зборнік «Сняжынкі над агнём» (1989).
Другая муза Леаніда Дайнекі – Кліо, дзякуючы ёй, ён атрымаў найбольшую вядомасць як аўтар гістарычных раманаў «Меч князя Вячкі» (1987), «След ваўкалака» (1988) і «Жалезныя жалуды» (1993), якімі пачынаючы з 90-х гг. ХХ ст. зачытвалася моладзь.
У гутарцы з Алесем Марціновічам Леанід Дайнека тлумачыў, чаму ён звярнуўся да празаічных твораў: «Я пісаў паэзію, пачаў пісаць прозу. Не задумваўся, чаму так атрымалася. Пачуцці, што перапаўнялі мяне, уражанні, назіранні рваліся на волю. І ўсё-такі, калі быць гранічна шчырым, проза, на маю думку, з’яўляецца больш высокай ступенню літаратуры. У паэзіі не ўсё можна выказаць, у прозе можна выказаць усё». Пачаў аўтар з апавяданняў, зборнік «Бацькава крыніца» (1976) – яго першая эпічная кніга, дзе пісьменнік паказаў жыццё людзей свайго часу.
Аўтар у душы заставаўся паэтам, таму мова раманаў – паэтычная, напоўненая мілагучнымі мастацкімі сродкамі, сустракаюцца і радкі вершаў, якія напісаны самім пісьменнікам. У гутарцы з Міхасём Скоблам ён гаварыў: «Імгненна пераключаюся з прозы на вершы. Проза і паэзія для мяне – адна плынь, адна рака, якая цячэ. Паэзія – усё ж вышэйшы ўсплёск літаратуры, метэарыт літаратурнага неба. І вершы ў рамане для таго, каб ярчэй азарыць гэтае неба, каб чытач пранікся верай у твор. Я не адмаўляюся, што я белетрыст. Я бяру сапраўдную гістарычную сьцяну, але размалёўваю яе фарбамі свайго ўяўленьня».
Леанід Дайнека ў гутарцы з Міхасём Скоблам яшчэ ў 2011 г. адзначаў, што толькі гістарычная літаратура можа вярнуць беларусам іх радзіму, паказаць яе такой, якая яна ёсць: «Беларуса да Беларусі можа найперш вярнуць тая літаратура, якую мы ствараем. Я – сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, і ганаруся гэтым. У нашым саюзе працавала і працуе вельмі шмат таленавітых пісьменьнікаў, якія пішуць на гістарычную тэму: Уладзімер Арлоў, Канстанцін Тарасаў, Вольга Іпатава. А ў свой час усе мы пачаліся з Караткевіча. Як расейская літаратура выйшла з гогалеўскага “Шынэлю”, так мы выйшлі з караткевічаўскага бэрэту. Але і да Караткевіча ня бедная была наша гістарычная літаратура. Успомнім імёны Язэпа Дылы, Барыса Мікуліча, Зьмітрака Бядулі, нават малавядомага сёньня Ільлі Клаза. Таму я ўпэўнены, што Беларусь ёсьць, была і будзе, як пісаў Уладзімер Караткевіч».
Раманны цыкл «Меч князя Вячкі», «След ваўкалака», «Жалезныя жалуды» пераносіў чытача ў глыбокую старажытнасць. У рамане «Меч князя Вячкі» аўтар паспрабаваў узнавіць вобраз легендарнага князя Вячкі, які кіраваў Кукейносам і бараніў заходнія землі Полацкага княства ад нападу крыжакоў. Л. Дайнека з дапамогай сваёй творчай фантазіі стварыў шырокі вобраз народа таго часу, паказаў як ён жыў, змагаўся. І сапраўды пісьменніку ўдалася ўзнавіць малюнкі той эпохі.
Раман «След ваўкалака» распавядаў пра княжанне князя Усяслава Чарадзея. У творы пісьменнік даволі маштабна апісвае гэты вобраз, адчуваецца глыбокі падыход. Магчыма, гэта звязана з больш раскрытым вобразам гэтага вядомага князя ў гістарычнай літаратуры, доступам да шматлікіх крыніц для пісьменніка.
І трэці раман «Жалезныя жалуды» ўзнаўляе старажытныя часы з гісторыі нашай дзяржавы – пачаткі Вялікага княства Літоўскага і яго стваральніка Міндоўга, пра якога на сённяшні час таксама напісана вельмі шмат. Аднак пісьменнік зноў жа звяртаецца да героя не толькі як да кіраўніка дзяржавы, але і да чалавека жорсткага, непахіснага. Для князя галоўнае – палітычнае становішча краіны. Таму ён, у залежнасці ад сітуацыі ў краіне, некалькі разоў мяняе веру, не адчуваючы згрызотаў сумлення.
У пачатку ХХІ ст. уклад Леаніда Дайнекі ў развіццё гістарычнай прозы не меншы, пасля перапынку ў сваіх пісьменніцкіх спробах, ён зноў звярнуўся да гістарычнай прозы.
Творы Л. Дайнекі пачатку ХХІ ст.: «Назаві сына Канстанцінам» (2010), «Пра лісоўчыка, злога хлопчыка» (2010), «Той, каго ўдарылі па шчацэ» (2018), «Ілоты» (2018), асобныя з якіх не выйшлі ў кніжным варыянце. Напрыклад, раман «Пра лісоўчыка, злога хлопчыка» друкаваўся ў часопісе «Дзеяслоў» (2010 №1-3), а «Той, каго ўдарылі па шчацэ» (2018) – у электроннай бібліятэцы Янушкевіча. Такая абмежаваная даступнасць твораў спыніла даследаванне твораў у літаратуразнаўстве. У адрозненне ад папярэдніх раманаў пісьменнік не проста апавядае пра падзеі пэўных гістарычных эпох, гэтыя творы найбольш блізкія да фантастычнага жанру, яны значна адрозніваюцца ад першых твораў пісьменніка. Некаторыя элементы раманаў «Назаві сына Канстанцінам», «Пра лісоўчыка, злога хлопчыка» і «Ілоты» можна было б аднесці да рамантычных гістарычных дэтэктываў. Апошні раман пісьменніка «Ілоты» – сумесь розных жанраў, з элементамі дэтэктыва, прыгодніцкага рамана і інтэлектуальнай прозы. Такім чынам, пісьменнік спрабуе сябе ў розных жанрах, пераплятаючы іх элементы, з мэтай стварэння паўнацэннага гістарычнага твора, які будзе выклікаць цікавасць не толькі ў гісторыкаў.
Раман «Назаві сына Канстанцінам» прысвечаны Аршанскай бітве 1514 г. і князю Канстанціну Астрожскаму, які ўзначальваў войскі Вялікага Княства Літоўскага, адразу выклікаў гучны рэзананс. Раман «Пра лісоўчыка, злога хлопчыка» распавядае пра часы праўлення Жыгімонта Вазы ІІІ: вайна са Швецыяй, міжусобныя войны магнатаў, частка якіх не прымала палітыку караля, падтрымка Лжэдзімітрыя І і ІІ, да якіх з мэтай дапамогі ўсталявання на пасадзе выйшлі войскі Рэчы Паспалітай. «Той, каго ўдарылі па шчацэ» Леаніда Дайнекі прысвечаны Язафату Кунцэвічу – вялікалітоўскаму царкоўнаму і палітычнаму дзеячу, уніяцкаму святару, прылічанаму да святых каталіцкай царквой, які быў забіты ў 1623 г. у Віце6ску.
У «Герадоцінках-11», невялічкіх абразках-карацельках, якія ён ствараў штогод, ён так напісаў пра стварэнне сваіх раманаў:
«20 студзеня 2011 года ў 11 гадзін 38 хвілінаў (люблю дакладнасць!) скончыў працу над раманам «Той, каго ўдарылі па шчацэ», дзясятым па ліку. Калі не памыляюся, на сённяшні дзень я між беларускіх пісьменнікаў напісаў сама больш раманаў, хоць ніколі не гнаўся за колькасцю. Проста, у смак пісалася, адчуваў радасць ад працы. Між гэтых раманаў восем на гістарычную тэматыку. Калі параўноўваць літаратурную справу са спортам, то напісанне раманаў – забег на вельмі доўгую дыстанцыю. Бяжыш, пакуль не заколіць пад дыхаўку. Не ведаю, ці сяду зноў за пісьмовы стол, бо, шчыра сказаць, стаміўся. Няпросты быў лёс маіх раманаў. Іх жорстка крытыкавалі. Іх стараліся не заўважаць. Я не ўлазіў у загадзя сканструяваныя афіцыйнымі крытыкамі абоймы. Мяне таўклі ў крытычных артыкулах, а я пісаў, бо не мог не пісаць. І гэта не графаманства. Гэта – покліч нябёсаў».
Гістарычны раман «Ілоты» – апошні з раманаў пісьменніка, прысвечаных беларускай мінуўшчыне, адлюстроўвае некалькі гістарычных перыядаў: Месенскае паўстанне ў Спарце (7 ст. да н. э), першыя гады пасля Вялікай Айчыннай вайны, Слуцкае паўстанне і нацыянальны рух на Беларусі ў 20-я гг. ХХ ст. Менавіта гэты раман у большай ступені перадае набліжанасць пісьменніка да паэзіі, бо героямі яго твора з’яўляюцца беларускія пісьменнікі Ядвігін Ш., Вячаслаў Адамовіч, які ўдзельнічаў у працы Таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва, як харыст уваходзіў у склад Беларускага хору Уладзіміра Тэраўскага. Ён – аўтар кнігі «Тыпы Палесся», у 1919–1920 гг. публікаваў свае творы ў газетах «Раніца», «Звон», «Беларусь»,«Рунь беларускай літаратуры і мастацтва». Таксама створаны вобраз рускай паэткі і пісьменніцы, драматурга і літаратурнага крытыка Зінаіды Гіпіус. На старонках рамана вельмі часта сустракаюцца ўрыўкі з песняў, прыпеўкі, вершы, напісаныя самім пісьменнікам, што зноў такі падкрэслівае ўвагу Леаніда Дайнекі да паэтычнага радка:
Раман «Ілоты» і апошні аўтабіяграфічны твор «Сын ільва, дачка Зеўса – Леанід і Зінаіда» выйшлі ў «Беларускім кнігазборы» ў 2018 г. Апошні раман, па словах самога Дайнекі, надрукаваны ў скарачэнні, не трапіў ў друкаваную версію гістарычныя падзеі, якія аўтар апісаў у сваім рукапісе. Пры іншым раскладзе твор таксама мог быць далучаны да гістарычнай прозы.
Леанід Дайнека – з’яўляўся заснавальнікам фірмы «БелПІ», якая пачала выпускаць настойку «Крамбамбуля». У раманах «Назаві сына Канстанцінам», «Пра лісоўчыка, злога хлопчыка» героі п’юць крамбамбулю, якая ў творах Л. Дайнекі ператвараецца ў традыцыйны напой шляхты Вялікага Княства Літоўскага. Гэта звязана з раскруткай брэнда «Крамбамбулі», а таксама з далучэннем да традыцый продкаў. Цяпер у некаторых даследчыкаў узнік недавер да сапраўднасці гэтага факту, але адказ на гэта пытанне дае «Старадаўняя беларуская кухня» (1995) Э. Зайкоўскага і Г. Тычкі, куды ўвайшоў і старажытны рэцэпт крамбамбулі. Леанід Дайнека ў творах і ў практычнай дзейнасці аднаўляў старадаўні напой, які традыцыйна гатавалі і спажывалі нашы продкі.
Як заўважыў Н. Гальпяровіч: «Нейкая выбуховая ўнутраная сіла прымушала Дайнеку рабіць крутыя віражы ў лёсе, у творчасці». І сапраўды, пісьменнік шукаў новыя падыходы, новыя жанрава-стылёвыя элементы, якія нададуць яго творам непаўторны каларыт і зацікавяць сучасную моладзь, якая ў гэтым стагоддзі менш чытае кнігі. Заслуга Леаніда Дайнекі не толькі ў тым, што ён, у першую чаргу у сваіх гістарычных раманах, змог узнавіць атмасферу тых даўніх часоў, стварыць выбітныя вобразы старажытных беларусінаў, ліцвінаў, але і напоўніў творы сучасным гучаннем, прымусіў нас задумацца над вечнымі каштоўнасцямі, зразумець сваё прызначэнне на гэтай зямлі.